БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА

(БТЧК) у Літве. Існавала з крас. 1921 да сярэдзіны 1922. Утворана на аснове Жэнеўскай канвенцыі ад 22.8.1864 аб т-вах Чырв. Крыжа. Асн. мэты: аказанне мед.-сан., матэр. і маральнай дапамогі бел. ваеннапалонным, бежанцам, эмігрантам, хворым, сіротам, усім пацярпелым ад ваен. дзеянняў, садзейнічанне ў вяртанні на бацькаўшчыну. Знаходзілася ў Коўне (сучасны Каўнас) у атэлі «Метраполь». Старшыня т-ва Я.Варонка, віцэ-старшыні І.Цвікевіч і Н.Ліпоўскі, скарбнік П.Мядзёлка. Налічвала 32 чал. Мела аддзяленні і прадстаўніцтвы ў Берліне (А.Бароўскі),

на Гродзеншчыне (С.Баран-Нямір), у Вільні (А.Карабач), Празе (М.Вяршынін), Рызе (К.Езавітаў), Канстанцінопалі, Амерыцы. БТЧК супрацоўнічала з эміграцыйным урадам БНР у Коўне, урадавымі ўстановамі Літвы, Літоўскім т-вам Чырв. Крыжа. Займалася выдавецкай дзейнасцю, у 1921 выпусціла 3 маркі серыі «Беларусь. Пошта», збор ад іх продажу пайшоў на дабрачынныя мэты.

Ю.Р.Васілеўскі.

т. 2, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)